КНІЗЕ ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ

КАВАЛЁВА ЮЛІЯ

Вядучы навуковы супрацоўнік

 20.06.2017

Музей гісторыі горада Мінска выказвае шчырую падзяку за супрацоўніцтва кампаніі БЕЛГІПС-ЭКО, дзякуючы якой музейная бібліятэка папоўнілася і працягвае папаўняцца “новымі” старымі кнігамі.

Ужо два гады, як ў мінскіх дварах устанавілі металічныя скрыні зялёнага колеру з надпісам “Кнізе другое жыццё”. Гараджане, якія вырашылі развітацца са сваёй бібліятэкай пакідаюць кнігі ў гэтых скрынях. Затым кнігі трапляюць ў спецыяльнае сховішча, дзе супрацоўнікі Белгіпса сарціруюць літаратуру. Такім чынам, самыя каштоўныя знаходкі папаўняюць нават фонды Нацыянальнай бібліятэкі. Мастацкая літаратура знаходзіць чытача ў розных сацыяльных установах – інтэрнатах, дзіцячых дамах, бальніцах, дамах састарэлых. Выданні, якія тычацца гісторыі і культуры горада Мінска – становяцца музейнымі прадметамі.

З пачатку 2017 года валанцёры і супрацоўнікі «Белгіпс-ЭКА» здолелі адабраць і перадаць у бібліятэчныя фонды музея амаль дзве сотні кніг, звязаных з гісторыяй горада, яго жыхароў і прадпрыемстваў, разнастайныя даведачныя выданні і дапаможнікі, папулярныя энцыклапедыі рознай тэматыкі, кнігі па гісторыі мастацтваў…

Сярод атрыманай літаратуры трапляюцца і даволі ўнікальныя экземпляры – даваенныя выданні, кнігі з цікавымі даравальнымі надпісамі. Напрыклад, паэма Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін» , выдадзеная ў 1967 г. мае аўтограф самога аўтара на франтыспісе.

Музей выказвае падзяку дырэктару «Белгіпс-ЭКА» Сёмачкінай Ліліі Віктараўне, а таксама кіраўніку праекта «Кнізе - другое жыццё» Глушакову Фёдару Ігаравічу.